Я́ДЗЕРНАЯ ЗБРО́Я.
атамная зброя, агульная назва зброі, паражальнае дзеянне якой заснавана на выкарыстанні ўнутрыядзернай энергіі, што вылучаецца пры ядзерным выбуху; адзін з відаў зброі масавага знішчэння. Найб. магутны сродак вядзення баявых дзеянняў, разбуральны патэнцыял якога не мае прэцэдэнтаў у гісторыі чалавецтва і нясе пагрозу для яго існавання ў цэлым. Асн. паражальныя фактары Я.з.: ударная хваля, светлавое выпрамяненне, пранікальная радыяцыя, радыеактыўнае заражэнне і эл.-магн. імпульс. Я.з. ўключае розныя ядзерныя боепрыпасы (баявыя ч. ракет і тарпед, авіяц. і глыбінныя бомбы, артыл. снарады і міны, што забяспечаны ядз. ці тэрмаядз. ўстройствамі), сродкі дастаўкі іх да цэлі і сродкі кіравання імі. У залежнасці ад адз. зараду падзяляецца на тры пакаленні. У Я.з. 1-га пакалення ў боепрыпасах выкарыстоўваюць рэчывы, што дзеляцца (239Pu, 235U), напр., першая сав. ядзерная бомба, выпрабаваная ў жн. 1949. У Я.з. 2-га пакалення пры выбуху вылучаецца не толькі энергія ад дзялення 239Pu і 235U, але і ад тэрмаядз. рэакцыі сінтэзу лёгкіх элементаў (ізатопаў вадароду — дэйтэрыю і трытыю). Бомба такога прынцыпу дзеяння наз. вадароднай і ўпершыню выпрабавана ў СССР (жн. 1953). Мае значна большую, практычна неабмежаваную магутнасць. Да 3-га пакалення адносяць боепрыпасы, у якіх значная ч. энергіі выбуху ператвараецца ў інш. форму, чым ударная хваля і цеплавое выпрамяненне, і канцэнтруецца пераважна ў адным напрамку (напр., нейтронныя боепрыпасы, у якіх энергія пераўтвараецца ў нейтроннае і γ-выпрамяненне — нейтронныя бомбы і лазеры з ядз. напампоўваннем). Паводле выкарыстання Я.з. падзяляецца на; стратэгічную — прызначаную для знішчэння агульнага ваен.-эканам. патэнцыялу праціўніка, мае вял. ці міжкантынент. далёкасць; тактычную, ці зброю поля бою магутнасцю ад 1 кт да 1 Мт. Стратэг. ядз. сілы ўключаюць міжкантынент. і балістычныя ракеты наземнага базіравання, балістычныя ракеты з ядз. боезарадамі на падводных лодках і стратэг. бамбардзіроўшчыкі міжкантынент. далёкасці, аснашчаныя бомбамі, ракетамі, крылатымі ракетамі з ядз. зарадамі. Пасля атамных бамбардзіровак амер. авіяцыяй яп. гарадоў Хірасіма і Нагасакі (жн. 1945) Я.з. стала гал. чынам ваен.-паліт. сродкам націску і стрымлівання ў супрацьстаянні вял. дзяржаў (гл. «Халодная вайна»).
А.П.Малыхін.
т. 18, кн. 1, с. 235
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)